«Рэдзігерава-Агра»: жніва гарачая пара (Лунінецкі раён) — Лунинец online

294
«Рэдзігерава-Агра»:-жніва-гарачая-пара-(Лунінецкі-раён)-—-Лунинец-online

У ПУСП «Рэдзігерава-Агра» падчас жніва самая вялікая нагрузка на камбайн у раёне. Аднак гэта ніколькі не палохае механізатара Анатоля Дзікавіцкага. Трэці сезон шчыруе ён на мясцовых палетках, да гэтага працаваў у Азярніцы.

– Умовы добрыя, камбайн новы… Галоўнае, каб надвор’е не падводзіла, – падкрэслівае вясковец.

Літаральна на хвілінку адрываю ад работы камбайнераў Аляксандра Філіновіча і Леаніда Коўшыка, каб зрабіць фота-здымак. Бо ведаю, чакаюць вадзіцелі, сярод якіх неаднаразовы пераможца Аляксандр Кірбай. Яны не церпяць даставіць сабраны ўраджай. А ён пакуль дасягае 35 цэнтнераў з круга. Клін азімага і яравога жыта ў гаспадарцы перабольшвае 1400 гектараў.

Галоўны аграном Мікалай Янковіч расказвае пра клопаты, якімі заняты працаўнікі цяпер, пра харчовую бяспеку, і з гонарам гаворыць пра азімы ячмень, які сёлета ўрадзіў.

– Пад сорт “Ізацэл” адвялі 47 гектараў. Ён добра сябе зарэкамендаваў у нас летась, таму і цяпер выбар зрабілі ў яго пользу. Ураджайнасць склала 46 цэнтнераў з гектара. Пры нашай бальнасці зямлі – гэта вельмі добры паказчык. Зусім крыху засталося прыбраць рапсу, галоўнае, каб надвор’е не падвяло. Тым больш, што жыта прыспешвае. Камбайны ўкамплектаваны, забяспечаны патрэбным інвентаром. Арганізавана гарачае харчаванне работнікаў, як і ў папярэднія гады дзейнічае спаборніцтва. Таму стымул ёсць у кожнага.

Кіпіць работа на збожжатаку. Вераніцы аўтамабіляў дастаўляюць сюды вырашчаны ўраджай. Якасць збожжа правярае загадчык цэнтральнага склада Анастасія Цапук. Дапамагаюць на дапрацоўцы і школьнікі – Іван Дземідовіч, Арсень Вярэніч, Іван Чэчат і Цімафей Тынюра. Заробленыя грошы плануюць патраціць на падрыхтоўку да новага навучальнага года.

– Малайцы, што дапамагаеце! І ваш уклад у агульны каравай будзе. І грошы заробіце…

– На агульную ж справу працуем. Каб быў хлеб на стале і да хлеба!